<img height="1" width="1" style="display:none" src="https://www.facebook.com/tr?id=1641444496073049&amp;ev=PageView&amp;noscript=1">
viasna on patreon

Ранішні напад на журналістаў і праваабаронцаў па ўсёй краіне. Абнаўляецца Дапоўнена

2021 2021-02-16T07:39:52+0300 2021-02-17T12:18:41+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/peratrus-5.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Ад самай раніцы 16 лютага ў сябраў Праваабарончага цэнтру "Вясна", Беларускай асацыяцыі журналістаў і іншых актывістаў праходзяць ператрусы. Яны адбываюцца ў межах крымінальнай справы па арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) Крымінальнага кодэкса Беларусі. Паведамляецца, што ператрусы праводзяцца ў тым ліку і супрацоўнікамі аддзелаў па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю (ГУБАЗіК). "Вясна" сочыць за сітуацыяй і ўвесь час абнаўляе інфармацыю.

Мінск

Раніцай прэс-сакратар Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі паведаміў у фэйсбуку, што да яго ломяцца ў дзверы невядомыя.

Ператрусы праводзяцца таксама ў старшыні БАЖу Андрэя Бастунца і намесніка арганізацыі Алега Агеева. Старшыню Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Бастунца забралі супрацоўнікі ГУУС Менгарвыканкаму. Дома ператрус не праводзіўся, але яго ладзяць ў офісе БАЖ.

На 4-м паверсе бізнес-цэнтра "Парус" зараз ператрус. Там знаходзіцца офіс БАЖ. Ператрус праводзяць супрацоўнікі, якія прадставіліся супрацоўнікамі МУС. У рамках якога артыкула праводзіцца ператрус, не ўдакладнілі.

Сын старшыні БАЖ Андрэя Бастунца Арсеній паведаміў, што ператрус адбыўся і ў яго кватэры.

Вобшук прайшоў у юрысткі Крысціны Рыхтэр (342 арт. КК), забралі тэлефон, дакументы, датычныя да дзейнасці БАЖ.

З ператрусам прыйшлі да каардынатара кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі", праваабаронцы "Вясны" Андрэя Палуды. Праз некалькі гадзін вобшук скончыўся. Вынялі тэхніку, забралі картку і асабістыя грошы. Палуда не затрыманы.

Сілавікі прыходзілі да маці мінскай праваабаронцы "Вясны" Наталлі Сацункевіч, грукалі ў дзверы. Але ператрус усё-такі пачаўся. Ён цягнуўся больш за тры гадзіны. Публікуем яго падрабязнасці:

Ператрус праводзілі супрацоўнікі ГУБАЗіК, пры чым абшукалі не толькі кватэру, але і аўтамабіль Наталлі. Пастанова на ператрус кватэры падпісаная 15 лютага, на ператрус у аўтамабіле - ад 2 лютага. Кватэра і машына – уласнасць маці.

Крымінальныя артыкулы, у межах які праводзіўся ператрус, дакладна не вядомыя, але маці і брат Наталлі пачулі пра "арганізацыю злачыннай групоўкі", "распальванне варожасці", і "масавыя беспарадкі".

У выніку ператрусу былі канфіскаваныя дыпломы і бэйджы Наталлі з праваабарончых курсаў і канферэнцый, тэлефон маці, ноўтбук, трохі грошай, старая банкаўская карта, сцяжок б-ч-б з Пагоняй. Нават забралі скарбонку з двухрублевымі манетамі. Следчых асабліва цікавілі любыя носьбіты інфармацыі, банкаўскія карты, чэкі, запісы і нататнікі.

На завяршэнне яны сказаці маці Наталлі: “Як дачка адпачывае на моры? Мы яе чакаем!”.

Ад самай раніцы недасяжны тэлефон юрыста "Вясны" Паўла Сапелкі. Днём ён выйшаў на сувязь і паведаміў, што ў яго дома прайшоў ператрус. Канфіскавалі ўсю тэхніку. 

Прайшоў ператрус і ў праваабаронцы "Вясны" Зміцера Салаўёва. У яго забралі тэлефон і ўсю тэхніку. Зміцер таксама затрыманы. Пры затрыманні ў хаце Салаўёва выламалі дзверы.

Узяліся і за прадстаўнікоў незалежнага прафсаюзу РЭП: ператрусы ў Ігара Комліка і Андрэя Комліка-Ямаціна. Паведамляецца, што вобшук праходзіць у офісе незалежнага прафсаюза РЭП. Не адказваюць на тэлефонныя званкі лідэр РЭП Генадзь Фядыніч і старшыня прафсаюзу Васіль Завадзкі.

Таксама ператрус прайшоў у эксперта па лічбавай бяспецы Мікалая Кванталіяні.

Каля 10.40 пачаўся ператрус на офісе ПЦ “Вясна” на пр. Незалежнасці 78а. Туды прыехаў старшыня арганізацыі Алесь Бяляцкі.

Каля 12.30 скончыўся вобшук на офісе БАЖ. Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец не затрыманы. 

bastunec_vobshuk.jpg
Андрэй Бастунец пасля вобшука

Каля 15.20 вобшук на офісе "Вясны" ў Мінску скончыўся. Мікрааўтобусы з вынятымі рэчамі з'ехалі. Алеся Бяляцкага павезлі на вобшук да яго дамоў. У 18.30 Алесь Бяляцкі паведміў, што вобшук скончыўся. Старшыня "Вясны" на волі, не мае працэсуальнага статусу.

У 17.00 стала вядома, што вобшук хутка пачнецца на другім мінскім офісе "Вясны" на вул. Мяржынскага. Вобшук скончыўся прыкладна ў 22.20. Былі выняты кампутары, паперы, тэлефон, сістэмы відэаназірання. Падчас ператрусу на офісе знаходзіліся праваабаронцы Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч. Іх не затрымлівалі. Вобшук праводзіўся ў межах крымінальанй справы, узбуджанай па арт. 342 КК і санкцыянаваны намеснікам Генпракурора.

vobshuk_viasna16.jpg
Пасля ператрусу на офісе "Вясны" на вул. Мяржынскага

У Мінску затрыманы актывіст Прафсаюза РЭП Вацлаў Арэшка. Па стане на 18.40, у мінскім офісе Прафсаюза ўсё яшчэ ідзе ператрус. Прыкладна ў 20.30 стала вядома, што лідары РЭП Васіль Завадскі і Генадзь Фядыніч на волі. Ператрус у офісе Прафсаюза скончаны. Былі канфіскаваны дакументы, тэхніга і асабістыя грошы. Таксама Васіль Завадскі паведаміў, што ў канапе быў знойдзены паляўнічы патрон.

Гомельшчына

У дом да гомельскай журналісткі-фрылансеркі Ларысы Шчыраковай прыехалі АМАПаўцы. Яны патрабуюць адчыніць дзверы дома, паведамляе тэлеграм-чат "Гомельскай Вясны". Праз тры гадзіны ў яе скончыўся ператрус. Яго ладзілі супрацоўнікі ГУБАЗіКу ў прысутнасці амапаўцаў. Ларысу распытвалі пра грошы, забралі фота-відэа тэхніку, накапляльнікі інфармацыі, бчб сцягі і плакаты “Я - нячэсны журналіст”, “Свабоду Судаленку”. Вобшук праводзіўся ў межах крымінальнай справе аб дзеяннях, груба парушаючых грамадскі парадак.

photo_2021-02-16_11-31-00.jpg
У кватэры Ларысы пасля вобшука

Ператрус у гэты час праводзіцца ў гомельскага журналіста Анатоля Гатоўчыца.

Ператрус пачаўся у кіраўніка Мазырскай філіі "Вясны" Уладзіміра Целяпуна, а таксама да кіраўніцы светлагорскай філіі "Вясны" Алены Маслюковай. Пазней стала вядома, што ў яе адбыліся ажно два ператрусы. У яе з дому забралі ўсю тэхніку і розныя паперы. Сувязь з Аленай пакуль адсутнічае, але ёсць інфармацыя, што яна на волі.

Ператрусы праходзяць таксама ў двух светлагорскіх валанцёраў. Падрабязнасці высвятляюцца.

Пачаўся ператрус у прэсавай сакратаркі Беларускага Дома правоў чалавека імя Барыса Звозкава Яўгеніі Парашчанка.

Вобшук у Гомелі таксама праходзіць у актывіста і валанцёра Валерыя Сляпухіна.

Акрамя таго, вобшук ідзе ў актывіста Уладзіміра Кацоры.

У Рэчыцы міліцыя зладзіла ператрус у бацькоў аднаго з лідараў фонду By_Sol Андрэя Стрыжака. Забралі цвёрды дыск і стары мабільны тэлефон. Таксама вобшук адбываецца ў сдымнай кватэры Стрыжака ў Гомелі.

У Гомелі з сямі раніцы праходзіць вобшук у настаўніцы Надзеі Лашэнка-Казаковай. У лістападзе 2020 году яе з сяброўкай затрымала міліцыя за «адзенне пратэстных колераў». Таксама з раніцы па месцы рэгістрацыі актывістка Святланы Кароль пад дзвярыма кватэры дзяжураць некалькі супрацоўнікаў у міліцэйскай форме. У кватэры нікога няма. Дапоўнена: У актывісткі Святланы Кароль ператрус усё ж адбыўся. Ён доўжыўся дзве гадзіны. Забралі накапляльнікі інфы, банкаўскія карткі. Ён адбываўся ў межах крымінальнай справы па арт. 342 (групавыя дзеянні, груба парушаючыя грамадскі парадак).

У кватэры бацькі журналіста Яўгена Меркіса адбыўся ператрус. Забралі тэхніку (кампутар брата и бацькі, тэлефоны).

Ператрус праходзіць таксама ў гомельскага валанцёра Іллі Міронава. Ён займаецца дапамогай тым, хто трапіў пад палітычны пераслед ці паводле артыкулу 23.34 КаАП. У Іллі канфіскавалі лісты палітвязняў, плакаты, банкаўскія карткі, флэшкі, сістэмны блок, мабільныя тэлефоны, бчб-сцяг. Ён знаходзіцца ў статусе падазраванага арт. 342, ч. 1 і 2.

У незалежнага журналіста і праваабаронцы "Вясны" з Рэчыцы Андрэя Мядзведзева адбыўся ператрус. Забралі паперы, нататнікі.

У праваабаронцы "Вясны" з Рэчыцы Валерыя Пуціцкага не адказвае тэлефон. Магчыма ў яго таксама праводзяць ператрус.

Магілёў

Паведамляецца аб тым, што ператрусы прайшлі ў сябраў Магілёўскай філіі "Вясны" Аляксея Колчына і Барыса Бухеля.

У Магілёве ператрус праводзіцца на кватэры журналіста-фрылансера і праваабаронцы Алеся Буракова малодшага. Падчас яго былі канфіскаваныя некалькі дакументаў.

Каля офіса "Магілёўскай Вясны" некалькі гадзін стаіць мікрааўтобус. Верагодна ператрус ідзе ў офісе праваабаронцаў, паведамляе "Белсат".

Каля 13.00 стала вядома, што Колчын і Бухель затрыманы. Вядома, што Аляксея Колчына павезлі на офіс "Магілёўскай Вясны" на ператрус.

Вядома, што ў дзверы да рэдактара 6tv.by y Maгiлeве Дмітрыя Салаўёва грукаліся. Сувязi з iм пакуль няма.

Адбыўся вобшук і ў кіраўніка Магілёўскага праваабарончаца цэнтру (МПЦ) Уладзіміра Краўчанкі.

Пасля ператрусу на допыт у пракуратуру павезлі дачку палітыка Рыгора Костусева Кацярыну. Ператрус праводзіўся у бацькоўскай хаце Костусевых у вёсцы Цяхцін Бялыніцкага раёна.

Каля 18.30 стала вядома, што Барыса Бухеля адпусцілі. Падчас ператрусу ў яго забралі мабільны тэлефон, грошы, флэшкі, ноўтбук. Працэсуальнага статусу ў праваабаронцы няма. Пазней стала вядома, што ўсе праваабаронцы "Магілёўскай Вясны" на волі.

Віцебск

Прайшоў ператрус у бацькоў віцебскай праваабаронцы Ірыны Траццяковай. Шукалі дакументы. Забралі флэшку і кніжку «Маніторынг аддзяленняў міліцыі». Сама Ірына на волі.

У Віцебску затрыманы праваабаронца Павел Левінаў. Імаверна, яго павезлі дадому, дзе цяпер пройдзе ператрус.

Брэст

У прыватнасці, недасяжны пакуль брэсцкі праваабаронца Уладзімір Вялічкін, не адказвае і ягоная жонка.

У Берасці прышлі з ператрусамі да бацькоў валанцёрак Кацярыны Бажко і Ганны Багдановіч. Кацярына Бажко недасяжная ўжо некалькі гадзін.

Затрыманы юрыст Прафсаюза РЭП і праваабаронца "Вясны" Уладзімір Малей.

Пасля 7 вечара Уладзіміра Вялічкіна вызвалілі з брэсцкага аддзела ГУБАЗіК. Там застаецца валанцёрка Кацярына Бажко.

Гроденшчына

У Горадні ў грамадскага актывіста Алега Калінкова адбыўся ўжо другі ператрус за апошнія некалькі дзён. Ператрусы былі як дома, так і на лецішчы Калінкова. Яны праходзілі ў межах справы па арт. 342 Крымінальнага кодэксу. Супрацоўнікі міліцыі вынялі тэхніку і дакументы.

Баранавічы

Тэлефон праваабронцы "Вясны" і юрыста Прафсаюза РЭП Аляксандра Вайцешыка недасяжны. Пазней стала вядома, што Вайцешык на волі, яго не затрымлівалі.

Полацк

У Полацку ператрус і канфіскацыя тэлефонаў і аргтэхнікі ў Юрыя Бельскага. Ён мясцовы праваабаронца.

Каментар Следчага камітэта:

Следчым камітэтам працягваецца расследаванне крымінальнай справы па арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) Крымінальнага кодэкса Беларусі.

У межах папярэдняга расследавання з мэтай устанаўлення абставінаў фінансавання пратэстнай дзейнасці следствам ініцыявана правядзенне ператрусаў у арганізацыях, якія пазіцыянуюць сябе як праваабарончыя.

Правядзенне працэсуальных дзеянняў даручана супрацоўнікам ГУБАЗіК МУС і санкцыянаванае Генеральнай пракуратурай. Канчатковая прававая ацэнка сітуацыі будзе дадзеная пасля правядзення ўсяго комплексу працэсуальных дзеянняў.

Будзе дапоўнена.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства